Архив новостей - СШ №8 г.Кобрина
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Архив новостей

26.09.2022

Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!”

Любоўю і цікавасцю да мілагучнага беларускага слова былі прасякнуты ўсе мерапрыемствы, якія прайшлі ў рамках тыдня роднай мовы ў школе.

Школьныя бібліятэкары наладзілі кніжную выставу “Сэрцам роднага слова краніся”, а пад час перапынкаў вучні мелі мажлівасць напісаць на віншавальнай паштоўцы пажаданне роднай мове і апусціць яго ў паштовую скрыню. У фае школы сабраліся ўсе, хто пажадаў паўдзельнічаць у стварэнні інтэрактыўнага воблака слоў “Звыклыя рэчы па-беларуску”, а таксама пагуляць у латарэю “Рускай мове дай разгрузку – размаўляй па-беларуску!”. Вучні з задавальненнем перакладалі словы на беларускую мову і атрымлівалі салодкі падарунак-цукерку.

Працягам святкавання Тыдня роднай мовы стала таксама дэманстрацыя “Будзь у трэндзе”. Васьмікласніцы-прыгажуні з годнасцю арганізавалі паказ адзення ў народным стылі.

Вучні трэціх класаў удзельнічалі ў адкрытай дыстанцыйнай акцыі “Чытаем вершы пра беларускую мову”, падчас якой гучалі цудоўныя вершы па-беларуску, прысвечаныя роднай мове.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Мікалаеўна Мароз для вучняў шостых класаў правяла урок-прэзентацыю даследчых прац на беларускай мове, што спрыяла развіццю творчых і даследчых якасцяў навучэнцаў.

Завяршальным акордам дэкады стаў прагляд спектакля “Каза-манюка” вучнямі першых класаў, а таксама квэст–гульня “Фальклор, фальклор–душа народа”, у якой прымалі ўдзел каманды вучняў-пяцікласнікаў. Яны спаборнічалі ў веданні літаратурных і фальклорных твораў, уменні перакладаць на беларускую мову і тлумачыць разнастайныя фразеалагізмы. Кожны ўдзельнік квэст-гульні ўзбагаціўся новымі ўражаннямі і пачуццямі, тым самым наблізіўшыся хоць часцінкай сваёй душы да выканання запавету беларускага паэта Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмёрлі!”.

Дэкада, якая была прысвечана беларускай мове, літаратуры, культуры і мастацтву нікога не пакінула раўнадушным, і мы, настаўнікі, разам са сваім вучнямі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса, — гонар за сваю мову!